Жлобінскi раённы выканаўчы камітэт

Жлобінскi раённы выканаўчы камітэт


Гісторыя раёна

Жлобінскі раён размешчаны на паўночным усходзе Гомельскай вобласці, мяжуе з Рагачоўскім, Буда-Кашалёўскім, Рэчыцкім і Светлагорскім раёнамі Гомельскай вобласці, Бабруйскім раёнам Магілёўскай вобласці.

Плошча раёна займае 2100 кв.км. На тэрыторыі раёна размешчаны 151 населены пункт, якiя аб'яднаны ў 16 сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Колькасць пражываючага насельніцтва складае 102,1 тыс. чалавек, у тым ліку горада - 75,7 тыс. чалавек.

Цэнтр раёна - горад Жлобін - адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, які стаіць на высокім беразе Дняпра, паўстаў на зямлі, здаўна заселенай людзьмі, на гістарычным гандлёвым шляху з варагаў у грэкі.

Археалагічныя раскопкі сведчаць, што Жлобін, як пасяленне дрыгавічоў, існаваў задоўга да першага згадвання пра яго ў 1635 годзе пад назвай Злобін.

Iнтэнсіўнаму развіццю раёна спрыяла правядзенне Лібава-Роменскай (1873) і Пецярбургска-Адэскай (1902-1916 гг.) чыгунак.

Жлобін стаў буйным чыгуначным вузлом. У 1919 годзе ён становіцца валасным цэнтрам, а 17 ліпеня 1924 году - цэнтрам Жлобінскага раёна, 3 лiпеня 1925 года яму прысвойваецца статус горада.

Са студзеня 1938 года - у складзе Гомельскай вобласці. У перадваенныя гады раён хутка рос і развіваўся. Стваралася прамысловасць, камунальная гаспадарка, рамеснікі аб'ядноўваліся ў арцелі.

Слаўныя старонкі мужнасці і гераізму былі ўпісаны жлабінчанамі ў гісторыю свайго раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў.

З першых дзён вайны ў цяжкіх кровапралітных баях абаронцы і вызваліцелі горада станавіліся героямі. Бяспрыкладны гераізм і адвагу ў 1941 годзе праявілі байцы 63-га стралковага корпуса 21-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Л.Г.Пятроўскага. Капітану Ф.Баталаву на 48 дзень Вялікай Айчыннай вайны было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У памяць аб тых гераічных днях на плошчы Вызваліцеляў удзячныя жлабiнчане ўсталявалі абеліск. Вялікі ўклад у разгром ворага ўнеслі ўдзельнікі партызанскіх атрадаў «Смерць фашызму», імя Жукава, Калініна і падпольных арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі Жлобінскага раёна. Навечна ўнесены ў гераічны летапіс раёна імёны землякоў - Герояў Савецкага Саюза: В.І.Казлова, Н.В.Барташова, Н.К.Кавалёва, удзельнікаў вызвалення Прыдняпроўскага краю, ганаровых грамадзян Жлобінскага раёна: Л.Г.Пятроўскага, А.П .Капусцiна, И.Л.Хiжняка, Ф.Ф.Пiчугiна, П.I.Масiка. 26 чэрвеня 1944 года падчас аперацыі «Баграціён» 48 арміяй пад камандаваннем генерал-палкоўніка П.Раманенка Жлобін быў вызвалены. Вялікія чалавечыя ахвяры жлабiнчан у гэтай вайне. Фашыстамі расстраляна і закатавана 5 тысяч ураджэнцаў Жлобіншчыны. На франтах Вялікай Айчыннай загінула звыш 7 тысяч чалавек. Больш за 2 тысячы чалавек не вярнулася з катаржных работ у Германіі.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 «Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам «За мужнасць i стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны» горад Жлобін атрымаў заслужаную дзяржаўную ўзнагароду, якая сімвалізуе прызнанне подзвігу ветэранаў і ўсіх жыхароў Жлобіншчыны, якія мужна і стойка вынеслі выпрабаванні вайны. Пасля вайны населеныя пункты раёна былі адбудаваны. Адноўлены і пабудаваны новыя прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, культурна-асветныя і медыцынскія ўстановы.

Сучасны Жлобін - адміністрацыйны, прамысловы і культурны цэнтр Гомельскай вобласці, транспартны вузел аўтамабільных дарог і чыгунак. У раёне - 16 прамысловых прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць металургічную, лёгкую, мэблевую, харчовую, мясаперапрацоўчую, малочную, лясную галіны эканомікі.

Візітнай карткай з'яўляецца металапракат, металакорд і трубы ААТ «БМЗ - кіруючая кампанія холдынгу «БМК», штучны мех ААТ «БЕЛФА», наборы кухоннай мэблі ААТ «Жлобінмэбля», драўляныя будаўнічыя канструкцыі ТАА «Ака», будаўнічыя металаканструкцыі, металааснасткі для вырабу жалезабетонных вырабаў, экскаватараў ААТ «Жлобінскі механічны завод «Днепр», мясныя і малочныя прадукты Жлобінскага мясакамбіната і Жлобінскага малочнага завода.

Жлобіншчына - буйны сельскагаспадарчы раён. Архітэктурная спадчына Жлобінскага краю прадстаўлена Свята-Пакроўскай царквой у н.п. Стрэшын - помнікам архітэктуры класіцызму. Храм пабудаваны 1807 г. у форме візантыйскага крыжа з паўкруглымі нефамi. Архіўныя дакументы сведчаць, што ў Еўропе было ўзведзена ўсяго 3 падобных будынка, а да нашых дзён захаваўся толькі адзiн - Свята-Пакроўскі храм у Стрэшыне. Размешчаная ў цэнтры в. Пірэвічы царква Усіх Святых - помнік архітэктуры неарускага стылю. Пабудавана ў 1902 годзе з цэглы, мае выцягнутую крыжападобную кампазіцыю. Унутраная плошча храма - амаль 500 квадратных метраў, таўшчыня сцен - больш аднаго метра. Тут самы вялікі алтар у Гомельскай епархіі, ідэальная акустыка. У в. Чырвоны Бераг захаваўся адзіны ў раёне помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й паловы 19-га стагоддзя. Сядзібны комплекс пабудаваны ў 1890-1893 гг. па праекце архітэктара Шрэтэр. Адначасова з палацам на плошчы каля 10 га быў разбіты «англійскi» парк пейзажна-рэгулярнага тыпу планіроўкі, пасаджаны пладовы сад, за ім створаны фазанарый.

У 2007 годзе ў н.п. Красны Бераг у яблыневым садзе адкрыты адзіны ў Беларусі і Еўропе мемарыял «Дзецям - ахвярам Вялікай Айчыннай вайны». Гэтыя аб'екты ўвайшлі ў турыстычны маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны».

На тэрыторыі раёна размешчаны рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі «Выдрыца» і «Смык». Іх прызначэнне - захаваць у натуральным стане ўнікальныя прыродныя комплексы з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл, занесеных у «Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь».

Турыстычныя аб'екты раёна

скінуць